Часопiс «Мастацтва» №3 (420) 2018
Насамрэч гэта ўнікальная ўстанова. Тут навучаюць класічнаму танцу дзяцей, прычым пачынаючы ад зусім малога ўзросту. Прыватная балетная школа Марыны Вежнавец існуе больш за пяць гадоў. Але творчы i арганізацыйны вынік феерычны. Падрыхтаваць дзяцей фактычна з нуля, каб яны станцавалі поўнаметражныя балеты «Спячая Красуня», «Дзюймовачка», «Шчаўкунок», да таго ж на пляцоўках, дзе выступаюць прафесійныя артысты, – Палац прафсаюзаў, Палац культуры чыгуначнікаў. Гэта не кожнай дзяржаўнай школе пад сілу, а там усё-такі іншыя ўмовы – уласнае памяшканне, балетныя залы пад адным дахам, а не раскіданыя па горадзе,таксама дзяржаўныя, а не тыя, якія трэба арандаваць.
Як жыве школа, якія мае дасягненні i клопаты, пра гэта гутарым з Марынай Вежнавец, стваральніцай установы, салісткай Нацыянальнага тэатра оперы i балета, заслужанай артысткай Рэспублікі Беларусь. У размове прымаюць удзел Людміла Кудраўцава, народная артыстка Беларусі, колішняя салістка нашага тэатра, педагог-рэпетытар школы, i мастак Iлля Падкапаеў.
ПРА МАТЫВАЦЫЮ I ЛІЧБЫ
Цікава, якой была матывацыя для стварэння та-кой незвычайнай структуры?
Марына Вежнавец: Па сутнасці, іх мелася некалькі. У той час у мяне здарылася сур’ёзная траўма. Артыстычная будучыня вымалёўвалася вельмі няпэўная. Не зразумела, ці вярнуся на сцэну, бо ніяк нармальна не зрасталіся косці. Але ў любым выпадку я не змірылася б з тым, што не магу танцаваць. Вольнага часу хапала.
Якія яшчэ меліся прычыны? У маёй сястры Алены талент балетнага педагога. У той час, калі я задумалася пра стварэнне школы, яна паспяхова працавала з дзецьмі ў Беларускім харэаграфічным каледжы. Я ведала, што Алена захоплена справай, і памеркавала: чаму б не стварыць аналагічную школу? У той момант менш за ўсё думала пра сябе, а болей пра сястру. Дарэчы, калі наша школа толькі ўзнікла, пяць лепшых Алёніных вучняў з каледжа перайшлі ўслед за ёй да нас (гэта нашы салісткі Ліза Прывальчук, Ніка Скрабкова, Эліна Сільвановіч). У мяне шмат сяброў, якія падтрымалі і сказалі: «Адкрывай школу цяпер! У арганізацыйных, юрыдычных пытаннях дапаможам!»
Інакш кажучы, не даводзілася займацца паперамі і ўзгадненнямі?
– Так! Я толькі хадзіла ў тыя ўстановы, куды мне падказвалі. Цяпер гэта адзіная прыватная балетная школа. Да таго існавала – афіцыйная ці неафіцыйная – забарона. Мне дазволілі. Але гэта не студыя, а менавіта школа. Калі мы будзем мець адпаведную базу, дык абавязкова зраблю паўнацэнную ўстанову, каб яе выпускнікі атрымлівалі дыплом.
Калі можна, ваша школа ў лічбах.
– Цяпер мы працуем шосты сезон. Пяцігоддзе адзначалі ў маі 2017-га. Спачатку ў нас было 15 вучняў, дакладней вучаніц.
Мы гутарым у балетным класе на Аранскай. Усе рэпетуюць тут?
– Не, ёсць яшчэ дзве залы на плошчы Свабоды, 17. Самі зрабілі там рамонт. Усяго ў школе займаюцца шэсць груп дзяцей плюс дзве пачатковыя. У наяўных залах становіцца цеснавата, таму падбіраем больш прасторнае памяшканне. Увогуле ў школе каля 200 навучэнцаў.
I як вы з імі спраўляецеся?!
– Увесь час ідзе паток. Хтосьці прыходзіць, захоплены спектаклем, хтосьці ўбачыў у інтэрнэце выступленне нашых салістак. Але адначасова шмат дзяцей і сыходзіць, яны бачаць: цяжкія рэпетыцыі патрабуюць вялікіх намаганняў. Хтосьці разумее, што прыйшоў не туды, або выключных даных няма. У нас немагчымыя такія сітуацыі, маўляў, мы парэпеціруем крыху, а потым адпачнем. Мы імкнемся паказваць гледачу выдатны, класны вынік. Для гэтага трэба шмат і плённа працаваць. Максімальна, як толькі можам!
ПРА КАМАНДУ I НАГРУЗКУ
Калі з фатографам Сяргеем Ждановічам мы назіралі за рэпетыцыяй на працягу дзвюх гадзін, пераканаліся: у балетнай зале сапраўды трэба, па-руску кажучы, «пахать». Гэта робяць і самыя малыя, і старэйшыя вучні. I педагогі, здольныя адначасова сачыць за фігурамі танцораў, дакладным ці не зусім правільным выкананнем танцавальных па 30-цю юнымі артыстамі.
– Дзякуй богу, у школе сабралася такая каманда, што ўсе працуюць з велізарнай самааддачай. Таму ў нас і вынік адпаведны. Пачыналі разам з сястрой, Аленай Вежнавец. Потым далучылася Святлана Геронік, былая салістка тэатра. Далей прыйшла Юлія Дзятко, потым Людміла Кудраўцава, народная артыстка і самая блізкая сяброўка. Ведаю: магу з’ехаць па справах ці на гастролі, але ўсё ў школе будзе зроблена як мае быць. Рэдка калі такое шчасце выпадае. Нашымі педагогамі з’яўляюцца таксама Таццяна Уласень і Таццяна Падабедава, першая з іх – салістка тэатра, другая нядаўна скончыла кар’еру. Шмат часу аддае школе і Юрый Кавалёў, ён займаецца з хлопцамі, як артыст заняты ў пастаноўках.
Колькі часу прайшло ад таго, як школа была створана, да першага спектакля?
– Першую пастаноўку паказалі праз год.
Вельмі хутка! Бо малых трэба шмат чаму навучыць. Не баяцца сцэны і натуральна на ёй трымацца, упэўнена насіць тэатральны касцюм. А галоўнае – грацыёзна, сапраўды па-балетнаму рухацца, захоўваць у масавых танцах агульны малюнак. Памятаю, тая «Спячая Красуня» была шматнаселеным спектаклем.
– У філармоніі ў першым аддзяленні мы паказвалі «Спячую красуню», а ў другім ішоў канцэрт зорак беларускага балета. Хацелася, каб дзеці адразу ўбачылі прывабнасць, прыцягальнасць гэтага мастацтва.
Звярну ўвагу на гендарны склад школы. Дзяўчаткі складаюць 80 працэнтаў навучэнцаў?
– Нават 90. Практыка сведчыць: з 20 хлопчыкаў у калектыве застаецца прыблізна чацвёра. Але затое вельмі цікавыя хлопцы, якім танец і балет сапраўды патрэбныя.
Дзе знаходзіце будучых навучэнцаў і ці шмат іх прыходзіць пасля спектакляў вашай балетнай школы?
– Спачатку хадзіла па дзіцячых садках і адбірала дзяцей. А пасля слектакляў, конкурсаў, дзе нашы перамаглі, пачынаецца паток.
Набор у нас ідзе на працягу ўсяго года. Не хочацца губляць таленавітых, якія потым могуць пайсці ў іншую сферу.
Вашы выхаванцы займаюцца пяць разоў на тыдзень па дзве з паловай гадзіны. Не скардзяцца, што вялікія нагрузкі?
– Перад сур’ёзнымі мерапрыемствамі ў нас рэпетыцыі часам яшчэ больш працяглыя. Іншым разам і па шэсць гадзін. I ніхто не плача.
Людміла Кудраўцава: Я дзіўлюся іншай акалічнасці. Яны плачуць, калі не датанцоўваюць якую-небудзь варыяцыю. Калі з імі праходзіш не ўвесь танец. Як рэпетытар я працавала і з дарослымі артыстамі. Вось тыя не плачуць, калі з імі не займаешся.
Марына, памятаю, што ў вас вышзйшая адукацыя балетнага педагога, набытая ў Пецярбургу. Задам правакацыйнае пытанне. Фігуры дзяцей, якія займаюцца, цалкам не сфармаваліся. А нагрузкі, якія дае балетны класс, – не шкодныя ў дзіцячым і падлеткавым узросце?
Марына Вежнавец: Магу з упэўненасцю сказаць: тое, што дзеці атрымаюцьу плане балетнай тэхнікі да 9-10 гадоў, застанецца з імі на ўсё астатняе жыццё. У плане «расцяжкі», фізічнага развіцця больш нічога не дадасца. Калі ў дарослым узросце хочаш мець тэхнічную ўпэўненасць, спадзявацца на дакладнае выкананне ўсіх трукаў – ты павінен на паўгадзіны большразагравацца.Тое, што дасягнута ў дзяцінстве, захоўваецца.
Чым раней пачынаюцца заняткі балетам, тым лепш?
– Лепш для прафесіі. Усе прыма-балерыны пачыналі засваенне танца з 4 гадоў. Калі будучая артыстка прыйшла ў залу ў 10 гадоў, то значнага тэхнічнага выніку дасягнуць немагчыма.
Прафесійныя заняткі гімнастыкай і бальнымі танцамі таксама рана пачынаюцца…
– Жыццё артыстаў балета вельмі кароткае. В харэаграфічнай вучэльні ты павінен выйсці артыстам, які сфармаваўся, каб прэтэндаваць на вядучыя партыі і не марнаваць час на давучванне. Гады пачатку кар’еры, калі яшчэ шмат можаш, важныя. А калі артыст прыходзіць у тэатр і мусіць «дабіраць» вопыт, тэхніку, гэтага часу шкада.
Школа ўзнікла не як альтэрнатыва харэаграфічнай вучэльні?
– Наогул пра гэта не думала. Наадварот! Наша праца дапамагае каледжу. Мы рыхтуем дзяцей, потым яны паступаюць. Але навучэнцы павінны разумець, куды яны ідуць і чым будуць займацца.
Ці шмат вашых дзяцей навучаецца ў каледжы?
– Туды паступілі амаль усе нашы выпускнікі. Вучыцца чалавек 15. За маіх выхаванцаў выкладчыкі заўжды кажуць мне «дзякуй»!
ШТО БАЧЫЦЬ ПЕДАГОГ?
Вашы методыкі ўсеагульныя, пецярбургскія або беларускія?
– Тыя, па якіх я атрымала прафесію педагога (і вышэйшую адукацыю) у Пецярбургу. У іх распісана, літаральна па днях, што ты павінна рабіць, што мусім прайсці за два першыя месяцы, пасля якіх вынікаў можна рухацца далей.
Але нельга не выкарыстоўваць і ўласны вопыт. Мой педагог Ірына Мікалаеўна Савельева – балерына менавіта пецябургскай школы. Да гэтага часу памятаю і згадваю яе словы, парады, нават камбінацыі рухаў, якія нам задаваліся. Тое, як мяне вучыла Савельева, іграе галоўную ролю ў маіх паводзінах як педагога. Калі сёння займаюся з дзецьмі, успамінаю рэпетыцыі ў Мінску з Людмілай Бржазоўскай, Марыянай Подкінай або з Любоўю Кунаковай у Піцеры. Так што методыкі методыкамі, а больш за ўсё ўплывае практыка, уласны досвед.
Людміла Кудраўцава: Насамрэч тут няма супярэчнасці, бо беларуская школа грунтуецца на ме-тодыкахАгрыпіны Ваганавай.
Марына Вежнавец: Калі атрымлівала адукацыю ў Пецярбургу, дык там была адной з лепшых студэнтак. Чаму? Не таму, што вывучыла харэаграфічны тэкст. А таму, што правільна паказваю, як выконваць рухі, іх звязкі, іх камбінацыі.У свой час Ірына Мікалаеўна правільна нас вучыла, вось і не было праблем з адукацыяй балетнага педагога.
Людміла Кудраўцава: Мы былі навучаныя ў традыцыях пецябургскай школы, яна лічыцца самай дасканалай і запатрабаванай у свеце.
Марына Вежнавец: Калі пачынаеш вучыць дзяцей, дык аналізуеш і згадваеш: а як я выконвала гэтую камбінацыю рухаў ці варыяцыю?
На рэпетыцыі я дзівілася: дзяцей шмат, а вы, педагогі, бачыце ўсе іх дробныя памылкі, хібы, недапрацоўкі. Прычым заўвагі робяцца многім. Не такія стопы, кісці, пяты…
Марына Вежнавец (са смехам): Гэта ўжо вока «наточана» ўсё бачыць.
Але як можна бачыцьусіх адразу?!
– Ірына Савельева ніколі не працавала ў зале з адной навучэнкай. Хоць досыць часта так бывае: стаўка робіцца на аднаго-двух, усе астатнія – другім планам. Савельева займалася з усімі. Калі выпускнік прыходзіць у тэатр, з ім ніхто асобна, дэталёва займацца не будзе.Ты павінен, але сам сабе. I калі навучыўся працаваць, дык «схопіш» з аднаго паказу. Калі раней на цябе было звернута шмат увагі, а тут яе няма, малады артыст пачынае, умоўна кажучы, дэградаваць. А той, хто прызвычаіўся разлічваць на ўласныя сілы і працаваць сам, «выплыве». I таму ў школе імкнуся не выдзяляць асаблівай увагай некага аднаго. Каб увага была раўназначнай, трэба паспяваць на ўсіх глядзець і ўсе заўвагі выказаць.
Вы маеце магчымасць назіраць за дзецьмі і падлеткамі ў працэсе навучання. У часы май-го дзяцінства хлопчыкі і дзяўчаткі выглядалі больш задуменнымі і ціхімі, гэтакай «рэччу ў сабе». Сучасныя дзеці – больш сарамлівыя ці азартныя?
– Кожнае пакаленне ўсё больш і больш здольнае. Свабоднае, раскаванае, адкрытае. Цяпер нашмат болей магчымасцей для творчасці і самарэалізацыі. Назіраю за бацькамі і бачу, што многія з іх сурёзна занятыя развіццём здольнасцей уласных дзяцей.
А якое стаўленне бацькоў да школы?
– Ірына Мікалаеўна мяне ў свой час вучыла: браць у школу ў адпаведнасці з тым, якія бацькі ў юных артыстаў. Дзеці залатыя! Але ёсць у нас і «залаты» тата – Кірыл, бацька Веры Шпакоўскай. Унікальны чалавек! Узнікаюць складэнасці, а ён заўжды побач. Не ўяўляю, што будзем рабіць, калі дзяўчына зёдзе вучыцца ў іншы горад. Ён заўжды дапамагае школе – і маральна, і матэрыяльна, і фізічна. Як толькі можа. I што дзіўна: адна з лепшых вучаніц нашай школы – яго дачка.
ЗОРКІ I ЗОРАЧКІ
Якраз хацела распытаць пра вашых юных са-лістак. Тая ж Вера Шпакоўская – лаўрэатка не аднаго, а многіх міжнародных конкурсаў. Дзяў-чынка з неверагоднымі харызмай і абаяль-насцю. Маленькі танцавальны Моцарт. Адразу заўважылі, што яна такая здольная, або гэта адкрылася ў працзсе заняткаў?
– Я шукала здольных дзяцей па дзіцячых садках, а там працавала бабуля Веры. Менавіта ў групе, куды я прыйшла. Насамрэч такіх дзяцей адразу відаць.Ты сказаў – і дзіцё зробіць на 100 працэнтаў тое, што просіш.
Калі меркаваць па яркіх выступленнях Веры, якія я бачыла на ТВ, дык відавочна: яна захопленая дзяўчына, у яе вочы ззяюць.
– I яшчэ дзівосная рэч. Чаму Вера так пісьменна танцуе складаныя варыяцыі? Бо слова педагога для яе – закон. Яна ніводнага руху не зробіць няправільна. Удзяўчынкі цела працуе вельмі дакладна. Яна чуе тваю параду і – адразу выдае вынік. Якую варыяцыю ёй ні дасі, яна бярэ і праходзіць яе адразу.
У праекце «Сіняя птушка» аднаго з расійскіх каналаў выступала шматталенавітых дзяцей. Калі Вера танцавала там варыяцыю з «Эсмеральды», гэта выглядала ўзрушальна! Таго ж Мікалая Цыскарыдзэ няпроста здзівіць. Але Вера здзівіла! Таму рэктар Акадэміі рускага балета і сказаў, што яе чакаюць у адной з лепшых харэаграфічных школ свету.
Людміла Кудраўцава: Калі суаднесці яе ўзрост і тэхнічныя, артыстычныя магчымасці, гэта сапраўды робіць уражанне.
ПАРЫЖ І БАРСЕЛОНА
Відаць, хтосьці з педагогаў школы заўжды ездзіць з дзецьмі на міжнародныя конкурсы або тэлепраекты?
Марына Вежнавец: Абавязкова!
Людміла Кудраўцава: Яны яшчэ маленькія. Іх трэба падрыхтаваць да выступлення, разагрэць. Супакоіць, настроіць, пракантраляваць…
Марына Вежнавец: Калі імкнемся мець вынік. Іначай атрымліваецца, што дарма рыхтуемся…
Перад «Спячай красуняй» я ўважліва вывучала праграмку і дзівілася: нават партыі фей выконваюць лаўрэаты міжнародных конкурсаў. Цяпер столькі конкурсаў ці столькі здольных дзяцей? Як гэта яны паспелі або вы паспелі іх звазіць?
– Каб зразумець, якіх юных артыстаў везці на прэстыжныя конкурсы, мы з малога ўзросту адпраўляем іх на танцавальныя спаборніцтвы. Каб набіраліся вопыту, адчулі агульную атмасферу. Ведалі, што і як там адбываецца.Таму для падобных дзей рыхтуем шмат выканаўцаў. Едзем вялікім калектывам, там падзяляемся на ўзроставыя групы.
Людміла Кудраўцава: Удзел у конкурсах вельмі карысны. Бо адразу відаць: або дзеці выходзяць на сцэну часта, або рэдка туды трапляюць. Ці юны артыст паводзіць сябе ўпэўнена і свабодна, ці ён «заціснуты», яму не хапае разняволенасці. Такі вопыт нічым не заменіш.
Цікава, ці існуюць аналагічныя, менавіта прыватныя балетныя школы ў суседніх дзяржавах?
Марына Вежнавец: Па ўсім свеце, у Еўропе і ў Амерыцы, такіх школ велізарная колькасць. Дзяржаўных няшмат, іх звычайна некалькі на краіну, а прыватных – болей. На конкурсах відавочна, што здольных дзяцей шмат, яны ўжо многае ўмеюць, добра навучаныя. Бачыла шмат аналагічных устаноў танца і таму ўсведамляю, што трэба рухацца. Наперад і наперад! Досыць часта мы ездзім на конкурс «Гран-пры маладая Амерыка» (Youth America Grand Prix),там збіраюцца самыя таленавітыя і яркія дзеці з усяго свету. Па ўсёй Еўропе, па ўсіх Штатах,у Кітаі, Карэі праходзяць адборачныя туры гэтага спаборніцтва. Сустракаемся мы ўсе ў Нью-Ёрку.
Ведаю, што вашы выхаванцы выступалі і ў Парыжы…
– Так. Туды зёздзілі тры разы. Двойчы паказвалі «Шчаўкунка», гастролі адбыліся дзякуючы дапамозе і спрыянню пасольства Беларусі ў Францыі. А што да конкурсаў, дык першы раз у сталіцу гэтай краіны паехала Вера Шпакоўская. Усё было тры гады таму. У конкурсе ўдзельнічалі дзеці з дзевяці гадоў, ёй споўнілася толькі сем. Тыя, хто занялі тры першыя месцы ў Парыжы, потым едуць у Нью-Ёрк. У Парыжы праходзіць паўфінал. Пабачыўшы выступленні Веры, арганізатары конкурсу неяк захваляваліся, падышлі да нас: «Вы ў Нью-Ёрк гатовыя ехаць?!» Вера ў тройку прызёраў не трапіла, але заняла 4-е месца. Вядома, яе запомнілі, запрашалі наведаць іншыя школы.
Наступным годам на парыжскі конкурс выправіліся большай кампаніяй. Паехалі моцныя дзеці, якія дасягнулі пэўнага тэхнічнага і артыстычнага ўзроўню. У дадатак тыя, чые сям’і могуць сабе гэта дазволіць. Бо такая вандроўка – дарагое задавальненне. Вядома, і неацэнны вопыт, бо ўкладанні абавязкова потым акупаюцца. Паехалі Вера Шпакоўская, Ксюша Косава, Эліна Сільвановіч, Ася Ярмаш, з хлопчыкаў Мікіта Сінкевіч. У выніку траіх запрасілі ў Нью-Ёрк (Веру і Асю, якія занялі 3-е месца, а таксама Мікіту). Эліна ўвайшла ў лік 12 лепшых выканаўцаў.
У момант абвяшчэння вынікаў вы адчувалі сябе шчаслівай?
– Адчувала. Але Ксюша Косава не трапіла у тройку прызёраў або ў лік 12 лепшых па маёй віне, бо я абрала для яе занадта складаныя, віртуозныя варыяцыі. Я была ўпэўнена: Ксюша справіцца, але журы паставілася да дзяўчынкі сурова і вырашыла: складанасць рэпертуару не адпавядае ўзросту. Маўляў, рана! Мы ўлічылі заўвагі і пажаданні журы і сёлета разбіліся на дзве групы. Адна накіравалася ў Парыж, другая ў Барселону…
Гэта татальны захоп прызавых месцаў!
(агульны смех) – Насамрэч у Парыжы і Барселоне ўжо ведаюць пра Балетную школу Вежнавец, разумеюць: нашы выхаванцы – сур’ёзныя супернікі. Апошнім разам на конкурс выправіліся тыя, хто ездзіў летась. Далучыліся Аліса Рошчына, маленькая зорачка, і хлопчыкі – Арцём Паўлычаў, Мікіта Сінкевіч, Мірон Саўчанка, Ваня Петрашэвіч. У Барселону скіраваліся Ася Ярмаш (1-е месца), Ваня Петрашэвіч (2-е месца), Ліза Прывальчук (увайшла ўлік 12 лепшых). Усе дзеці паказалі вельмі высокія вынікі. Такім чынам, у Нью-Ёрк едуць два ансамблі і пяць салістаў. Вера заняла 1-е месца ў класіцы. У сучаснай харэаграфіі 1-е месца занялі Ксюша Косава і Ася Ярмаш.
На апошнім конкурсе Аліса Рошчына і Эліна Сільвановіч увайшлі ў спіс 12 лепшых. Мікіта Сінкевіч і Ваня Петрашэвіч – занялі 2-е месца.
А сучасныя нумары хто для вашых выхаванцаў ставіць?
– Юлія Мельнічук, Юлія Дзятко. Іншым разам – я.
Цікавую інфармацыю знайшла ў інтэрнэце. Акрамя прызоў, нью-ёркскі конкурс дае пераможцам стыпендыі для навучання ў вядучых балетных школах свету. Штогадовая сума сты-пендый – 250 000 $.
– Так.У дзяцей будзе магчымасць выбару. Іх запамінаюць, за іх ростам сочаць.
Людміла Кудраўцава: Для чаго на конкурсы ездзяць педагогі вядомых школ? Глядзяць і выбіраюць здольных, адораных, тых, хто ў перспектыве будзе ў іх вучыцца.
Марына Вежнавец: Калі юны артыст увайшоў у лік прызёраў конкурсу, дык яго навучанне балету будзе бясплатным. Увогуле яно вельмі дарагое, а так дзеці выйграюць гранты і навучаюцца бясплатна.
СЦЭНАГРАФІЯ, КАСЦЮМЫ, ГАСТРОЛІ
Некалькі пытанняў наконт паказу спектакляў у Мінску. Дзе шукаеце грошы на шматлікія касцюмы, на шыкоўныя дэкарацыі, як у «Спячай красуні»? Тканіны, зразумела, нятанныя, як і іх роспіс.
– У мяне, як кіраўніка школы, няма мэты зарабляць. Задача – стварыць якасны тэатральны прадукт. Мая мара і мэта – мець Дзіцячы тэатр з адпаведнай інфраструктурай. Таму ўсе даходы скіроўваем на далейшае развіццё. Сорамна сказаць, але я яшчэ ніводнага разу не атрымала зарплаты. Пакуль працую ў тэатры, магу сабе гэта дазволіць. Каб мець вынік, трэба займацца шмат. Так, заняткі для дзяцей платныя, але шмат займаемся з імі і бясплатна.
Ідэя Дзіцячага балетнага тэатра выдатная! Бо юных гледачоў больш за ўсё ўражвае, што на сцэне іх равеснікі.
Ілля Падкапаеў: Цікавай аказалася гастрольная вандроўка школы ў Вільнюс. Спектакль «Шчаўкунок» мы паказвалі на пляцоўцы Вільнюскай балетнай школы. Што назіралі на пачатку 2-й дзеі? Дарослыя сядзяць, а дзеці – ля сцэны, літаральна ляжаць на рампе. Яны выглядалі як кампанія анёлкаў. У «Шчаўкунку» пачаліся варыяцыі, і зала ўзнялася.
Марына Вежнавец: I гэта вельмі натуральная і раскаваная рэакцыя дзяцей, захопленых відовішчам.
Калі школа выязджае на гастролі са спектаклем, дзе шматдзейных асоб, – гэта сур’ёзна! Але апрануць артыстаў для балетаў Чайкоўскага – астраномія!
Марына Вежнавец: Загадзя ведаем, калі прэм’ера. I назапашваем сродкі для сцэнічных касцюмаў. Шыем у фірме Святланы Тадорскай, вядомага дызайнера. Касцюмы акуратныя, пашытыя з густам, таму робяць адпаведнае ўражанне. Цікава, колькі каштуе адна балерынская пачка для юнай артысткі?
Ілля Падкапаеў: Кошт шмат ад чаго залежыць: адна абыдзецца ў 100 умоўных адзінак, а другая ў 200. Для вырабу адной трэба пяць слаёў фаціну, а для другой дзесяць. Зразумела, аплікацыя ці камяні, якімі расшываюць сцэнічную вопратку, толькі павялічваюць кошт.
А дзе захоўваеце дэкарацыі і касцюмы да пастановак?
– Касцюмы – тут, на Аранскай. А дэкарацыі? У нас ёсць бацькі, якія маюць складскія памяшканні. Дапамагаюць,чым могуць.
Пытанне Іллі Падкапаеву. Як даўно супрацоўнічаеце са школай?
Ілля Падкапаеў: 3 першай пастаноўкі. Калі даведаўся, што Марына збіраецца ставіць «Дзюймовачку», намаляваў стос эскізаў і прынёс.
Марына Вежнавец: У «Дзюймовачцы» я марыла, каб кожнае дзіця хацела быць жабай або жуком. I наш мастак зрабіў такія «апетытныя» касцюмы, што ўсе імкнуцца быць адмоўнымі героямі. Калі кажу: «Дзеці, вучыце ролі, якія падабаюцца!» -дык ролі жаб вучаць усе! Важна, што Ілля – і таленавіты, і працаздольны. Такіх людзей вельмі люблю.
Дэкарацыі для «Спячай красуні», «Шчаўкунка» Ілля сам распісваў ці вы знайшлі выканаўцаў?
Марына Вежнавец: Нават калі эскізы ўвасабляюць мастакі-выканаўцы, Ілля з імі ад пачатку і да канца. У падрыхтоўцы сцэнаграфіі нам вельмі дапамагае Оперны тэатр. Уладзіміра Грыдзюшку называю хросным бацькам школы. Ён ні разу не адмовіў – ні мне, ні дзецям. Дапамога яго значная ад моманту заснавання школы да сённяшняга дня. Калі прыходжуз просьбай, ён заўжды адгукаецца. Спрыяе нам і вытворчы камбінат тэатра, але без згоды гендырэктара гэта немагчыма. На камбінаце шмат майстроў, якія маюць вялікі вопыт, разумеюць, як тканіна і роспіс глядзяцца пры тэатральным асвятленні.
Дэкарацыі балетаў, якія паказвае школа, сапраўды казачныя. Бо ствараюць атмасферу чарадзейства, умацоўваюць у душы дзяцей і дарослых веру ў перамогу дабра, радасці і зда-ровага сэнсу.
– Ганарымся, што пры канцы сакавіка школа тройчы пакажа на сцэне Тэатра оперы і балета спектакль «Спячая красуня». Прычым у суправаджэнні аркестра. Будуць спектаклі і ў красавіку.
Харэаграфія гэтага балета належыць, як вядома, Марыусу Пеціпа. Яна надзвычай складаная, дзеці могуць яе засвоіцьтолькі часткова. Марына, разумею, адаптацыю вы робіце самі?
– Так. Трэба, каб юны артыст адчуваў сябе на сцэне ўпэўнена і камфортна. Калі бачу, што складаныя элементы, іх камбінацыі маім выканаўцам пад сілутады не буду абмяжоўваць.
Згадаю: феі ў «Спячай красуні» былі абсалютна класныя! Такая малеча – і ўжо ўпэўнена на пуантах танцавала. Пальцавая тэхніка – рэч складаная. А ўфінале і фуэтэ нам прадэманстравалі.
– Калі шмат ездзіш – на гастролі, конкурсы, – разумееш: свет не стаіць на месцы. Каб мець адпаведны вынік,трэба шмат працаваць.
Цяпер у рэпертуары школы тры спектаклі. Што далей? Збіраецеся ўдасканальваць тыя ж балеты ці ставіць новыя?
– На май запланавана прэм’ера. Вядзем перамовы з аўтарам музыкі. Хутчэй за ўсё, гэта будзе «Беласнежка і сем гномаў». Сёлета вясной у нас выпускаецца шмат яркіх дзяўчынак і хлопчыкаў, таму для іх хацелася б зрабіць штосьці незвычайнае і запамінальнае…
Падрыхтавала Таццяна Мушынская.
1, 6. «Спячая красуня». Сцэны са спектакля.
2. Марына Вежнавец.
3. Людміла Кудраўцава.
4. Ілля Падкапаеў.
5. «Дзюймовачка». Сцэна са спектакля.
7. Юная балерына Вера Шпакоўская.
9. Рэпетыцыя ў балетнай зале.
Фота Сяргея Ждановіча, з архіва школы.